Аб'яднанне BELPOL і Народнае антыкрызіснае ўпраўленне (НАУ) прадставілі даклад «Дзеці без будучыні: мілітарызацыя дзяцінства ў Беларусі». У ім апісана, як дзяржава сістэмна далучае непаўналетніх у вайсковую падрыхтоўку і ідэалагічную лаяльнасць. Аўтары пішуць, што «мілітарызацыя дзяцей у Беларусі – не выпадковасць, а стратэгія выжывання рэжыму, пабудаваная на страху Лукашэнкі перад новым пакаленнем, якое можа кінуць яму выклік», паведамляе «Белсат».
У дакладе падкрэсліваецца, што дзеці маршыруюць і вучацца разбіраць аўтаматы ўжо з малодшых класаў. У краіне створана дзевяць кадэцкіх вучылішчаў, дзе навучаюцца каля 1 тыс. 800 падлеткаў, з якіх 74% затым паступаюць у ваенныя ВНУ. У школах дзейнічаюць 337 ваенных класаў, 968 клубаў і 736 лагераў, а ў Брэсцкай крэпасці будуецца цэнтр патрыятычнага выхавання моладзі.
Набор у ваенныя клубы пачынаецца з 11 гадоў. Падлеткаў навучаюць абыходжанню са зброяй, тактычнай падрыхтоўцы і кіраванню баявымі дронамі. Міністэрства адукацыі, як адзначаюць аўтары, закупіла 191 мультымедыйны цір, каб «кожны вучань мог трэніравацца ў стральбе».
У справаздачы гаворыцца, што бацькоў з аднаго боку фактычна адхіляюць ад выхавання, а з другога – праз дзяцей аказваецца ўплыў на ўсю сямʼю. Аўтары параўноўваюць гэты метад з практыкамі «Гітлерюгенду». Адзначаецца, што такая сістэма парушае палажэнні Канвенцыі ААН аб правах дзіцяці, якія патрабуюць абароны дзяцей ад ідэалагічнай маніпуляцыі і эксплуатацыі.
«Дзяцінства – гэта не час для ваенных гульняў. Гэты час вучыцца свабодзе, адказнасці, супрацы. У той час як школьнікі ў Еўропе ці ЗША вывучаюць экалогію, праграмаванне і штучны інтэлект, беларускіх дзяцей рыхтуюць да вайны. Гэта выбар не будучыні, а катастрофы», – адзначаецца ў дакладзе.
Яго аўтары лічаць, што падобная сістэма выхавання фармуе ў дзяцей і падлеткаў скажонае ўяўленне аб грамадзянскасці, дзе месца крытычнага мыслення і асабістай адказнасці займаюць вайсковая дысцыпліна і падпарадкаванне загадам. Паводле іх ацэнкі, мілітарызацыя дзяцінства становіцца не часовай ініцыятывай, а часткай дзяржаўнай ідэалогіі, накіраванай на падрыхтоўку новага пакалення, цалкам залежнага ад уладаў.
вс